РЭ́ЧЫЦКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ За 10 км на ПдЗ ад г. Рэчыца Гомельскай вобл. Першае нафтавае радовішча, адкрытае на Беларусі (1964). Распрацоўваецца з 1965. 6 пакладаў нафты прымеркаваны да міжсалявых (ялецкі, задонскі гарызонты), падсалявых карбанатных (варонежскі, сямілуцкі) і падсалявых тэрыгенных (ланскі і верхнепратэразойскі) адкладаў. Асн. ч. разрэзу (да 80%) складаюць верхне- і сярэднедэвонскія адклады. Рэчыцкая структура на паверхні падсалявых адкладаў уяўляе сабой паўантыклінальную складку памерамі 16 4 км, на паверхні міжсалявых адкладаў — антыклінальную складку памерамі 12 4 км. Размешчана на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны, разам з Асташкавіцкім, Цішкаўскім, Паўд.-Асташкавіцкім, Чырванасельскім і Дняпроўскім радовішчамі. Глыб. залягання нафтаносных гарызонтаў 1900—2800 м. Пароды-калектары — трэшчынава-каверна-поравыя даламіты і вапнякі і кварцава-палевашпатавыя розназярністыя пясчанікі, алеўраліты. Шчыльн. нафты павялічваецца знізу ўверх ад 805 кг/м³ у верхнепратэразойскім пакладзе да 890 кг/м³ у міжсалявым. Адпаведна павялічваецца колькасць серы (ад 0,2 да 1%), парафіну (ад 2,8 да 10%) і смол (ад 6 да 24,5%). Спадарожны газ выкарыстоўваецца прамысл. прадпрыемствамі Рэчыцкага і Светлагорскага р-наў. Здабыта 25 млн. т нафты (каля 80% пач. запасаў, якія здабываюцца, 2000).
Я.Г.Грыбік.
т. 14, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)